Сяброўскі візіт мастачкі Раісы Сіплевіч

Дзіўная беларуская мастачка Раіса Сіплевіч, выстава работ якой праходзіць у Доме-музеі Адама Міцкевіча, з сяброўскім візітам пабывала ў нас у гасцях.

Раіса Паўлаўна Сіплевіч – беларускі мастак, член Саюза мастакоў Беларусі. Працуе пад псеўданімам Patsinka. Яна нарадзілася ў вёсцы Пабрэззе Навагрудскага раёна.

На творчасць мастачкі паўплывалі беларускія народныя казкі, легенды, гісторыя і прырода роднай краіны, а таксама вопыт мастакоў-мадэрністаў ХХ ст.

Сёння працы Раісы Паўлаўны знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музее Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскай галерэі «Палац мастацтваў», фондах БСМ, Музеі сучаснага мастацтва г. Мінска, Гістарычным музеі г. Навагрудка, Брэсцкім мастацкім музеі і ў прыватных калекцыях Беларусі, Германіі, Англіі, ЗША, Канады, Аўстраліі, Польшы, Чэхіі, Партугаліі, Бельгіі і Расіі.

На выставе прадстаўлены карціны ў жанры пейзажа і фэнтазі, а таксама нацюрморты. Большасць з іх – гэта аўтарскія фантазіі, якія апускаюць у мір чараўніцтва, мары і бязмежнага ўяўлення. Тут, сярод яркіх фарбаў і незвычайных формаў, можна ўбачыць, як мастачка інтэрпрэтуе свае фантазіі, ствараючы дзіўныя светы, поўныя загадак і цудаў.

Са шчырымі пажаданнямі плённай працы і працвітання, яна падарыла музею сваю карціну.

 

99